Дваццаць хвілін з Немезідай - Страница 6


К оглавлению

6

Ніводзін прапаведнік не стаяў перад сваёй паствай у тым выглядзе, у якім стаяў зараз ён — худыя валасатыя ногі, сінія штаны, што ледзь не даходзілі да каленяў, — і я рассмяялася, калі ён паўтарыў тым жа голасам, засяроджаным і журботным, нібы ён пільна прыслухоўваўся да нечага, чутнага толькі яму аднаму:

— Стэла, не рабіся драпежніцай!

А я ўжо цягнула яго, не слухаючы, на кухню, запаліла канфорку, гатавала чай, дурэла:

— Не спадзявайся, я буду тыгрыцай для ўсіх тых, хто будзе на цябе квапіцца. Я разарву іх на кавалкі. Я цябе нікому не аддам, хаця ты і не хочаш са мной жаніцца! Ты будзеш маім да самай сваёй смерці!

…Няўжо гэта лёс гаворыць часам нашымі вуснамі, а душа, калі яна чуйная, слухае і разумее? Я нічога не слухала — і нічога не зразумела. Юрка адставіў кубак з чаем і гэтак жа, засяроджана (ліловыя цені з ягонага твару, бляклага ад электрычнасці, не сыходзілі), адгукнуўся:

— Я думаю, што так і будзе.

Божа мой, якая я была дурніца! Нешта невядомае, вялікае, як незваротнасць, дыктавала нам словы прыгавору, а мы пілі чай, кідаліся тымі словамі, як шклянымі пацеркамі, і яны патанулі, забыліся, закалыхаліся днямі і месяцамі. Усе тры гады жалобы, у час якіх я была як параненая жывёліна і страціла здольнасць разважаць, толькі ўспамінала — заўсёды малюнкамі, эпізодамі — кожную хвіліну, пражытую з Юркам, я не падумала пра сэнс таго, аб чым мы гаварылі ў той вечар. Я бачыла ліловыя цені на ягоным непаголеным твары, карычневую чаінку ў кутку мяккага цёплага рота, якую я зняла пацалункам, пачырванелы кружок скуры каля калена, куды ён паставіў кубак з чаем… Я бачыла, як ён пакутліва закусвае ніжнюю губу і каля белых вострых зубоў скура таксама бялее, — але словы, якія я, аказваецца, запомніла, як запамінае папугай, не ўнікаючы ў іх сэнс, яны ніколі за ўсе гэтыя гады не гучалі ва мне, я іх не разумела — чаму ж яны прыходзяць толькі цяпер, разам з гэтым снегам, які мякка зацярушвае, нібы размываючы напластаванні часу, што абкружылі мяне, замуравалі ўсё былое? Драпежніца… Гэтае слова ўжыла аднойчы і мая паважаная свякроў, Антаніна Дзмітрыеўна, калі гаварыла з Сяргеем, але, перададзенае праз Сяргея, яно выклікала толькі ўсмешку. Я падумала тады: смешна, што Антаніна Дзмітрыеўна можа сказаць мне такое, і недарэчна, таму што ў маіх вачах яна, Антаніна Дзмітрыеўна, была накшталт людаеда, нягледзячы на ўсе яе пяшчотна-рамантычныя ролі, якія яна так любіла іграць у апошнія гады. Я не верыла ёй — ніколі не верыла, таму што Сяргей усё ж расказаў мне гісторыю пра тое, як яна, пяшчотная мамачка, выгнала — ці дапамагла выгнаць, гэта адно і тое ж — жанчыну, якую Сяргей, мяркуючы па ягоных паводзінах, усё-ткі любіў, якая спадзявалася ў другі раз перарабіць сваё жыццё і з-за Сяргея не змагла зрабіць гэтага. Аб’ектыўна я павінна была б дзякаваць свякроў — Сяргей аказаўся «добрай партыяй», паводле слоў маёй мамы…

Я часта думаю пра так званую «святую» мацярынскую любоў. Мне не пашанцавала: самаахвярнасць і маёй мамы, і Антаніны Дзмітрыеўны была, як мне здаецца, накшталт любові Габсэка да сваёй ашчаднай кніжкі, куды ён паклаў бы ўсё да апошняй капейкі. Цікава, як бы паводзіў сябе Габсэк, калі б ягонай ашчаднай кніжцы пагражала небяспека? Ці не так ціха і прыстойна аплёў бы ён павуціннем інтрыгі наіўную правінцыялку, як гэта зрабіла Антаніна Дзмітрыеўна? Ці не з такой бы палёгкай мармытаў эпітафію над прахам Гулякі і Прайдзісвета, якую сачыніла мама, стоячы на агромністых італьянскіх «платформах» перад пустой шафай; яны былі такія трывалыя, тыя платформы, што не толькі нейкая там пустая шафа, але і землятрус у дзесяць балаў не збіў бы з ног іхнюю ўладальніцу… Як цяпер бачу: ёй было ў той час… дванаццаць гадоў назад… ёй было сорак шэсць, але яна абхітрыла прыроду па крайняй меры гадоў на дзесяць, а можа, і болей, таму што і на той час у мамы быў жалезны страўнік, нервы, як сталёвыя канаты, а фігура, як у выкладчыцы танцаў, і яна цвёрда стаяла на сваіх платформах, а бялявая капа парыка разлічана спадала ёй на вочы, умела маскіруючы лоб, залішне пукаты для маленькага твару. Я сядзела на канапе, аглушаная і голасам, і грудай чамаданаў, якія завалілі ледзь не палову пакоя, і атупела адчувала, як з кожным раскатам бляшанага фальцэту выціскаецца з пакоя, з канапы, з кухні, дзе мы так любілі піць чай, прывід у пацёртых сініх джынсах, з жоўтымі пракуранымі пальцамі. «Можа, так лепей», — стукнула ў скронях. Я думала пра тое, што дарэмна ўтрымліваць Юркаў прывід у нашай кватэры, ён не зможа існаваць тут, з намі ўсімі; тата, які ляжыць зараз у спальні на адным з ложкаў, выціснуў яго са спальні, а ў сталовай мы амаль што не бывалі: там стаяў сапраўдны гаспадар — гарнітур са светлай карэльскай бярозы, калі мама не прамяняла на навамодныя паліроўкі. Цяпер кватэра пераставала быць музеем, маім маўклівым музеем, які я аберагала пасля Юркавай смерці як сваё апошняе прыстанішча, не дапушчаючы сюды нікога ні з суседзяў, ні з аднакурсніц і сябровак.

— Я проста геній, — казала тым часам мама, і яе ружовыя шчокі ўздрыгвалі, а чырвань гневу і задаволенасці прабівалася скрозь тонкі грым. — Я паслухала сваёй галавы, а сэрцу, беднаму свайму сэрцу, загадала маўчаць. І не пісала табе, як быццам не ведала пра яго, гэтага… (Тут яна спахапілася і ўсё ж апусціла вейкі.) Пра твайго…

— Мамачка, не трэба.

Я сядзела, і мне бачылася грубая драўляная шкатулка, а прывід быў у дзвярах, і я баялася сустрэцца з ягоным позіркам, таму апушчала позірк, а мамін голас біў і біў па галаве:

— І так і здарылася, ён такі не жаніўся. Абышлося без крапіўніку, ты можаш спакойна думаць пра будучае. Хаця ты і хавалася ад усіх, я даведалася… Як мне шкада, што я паддалася спакусе і паехала за тваім бацькам на цэлы год! Я вінна ва ўсім, цябе нельга было пакідаць, бо на такіх, як ты, мая дзяўчынка, на такіх і вешаюцца розныя прахадзімцы… О божа, даруй мне грэх, я такі не ўтрымала язык! Ну, гэты, твой, Смактуноўскі твой, ад якога засталася пустая шафа…

6