І хаця Юрка, як заўсёды, у канцы даказваў адваротнае таму, з чаго пачынаў, ён дабіваўся свайго: спадніца рабілася даўжэйшай, выразы кофтачак меншымі, і ён з палёгкай уздыхаў, што сустрэчных больш не асляпляюць мае дэкальтэ.
Неяк (ізноў была ноч, і тонкі, пяшчотны маладзік зазірнуў у акно, а сіняватыя праменьчыкі зорак, як бы прабіваючы шкло, блішчалі на зломах, а мы моўчкі ляжалі на канапе каторую гадзіну без сну) ён загаварыў, а я баялася паварухнуцца, таму што ўжо ведала цану хвіліне, калі другая душа гаворыць з табой так, нібы пераліваецца ў тваю, гаворыць, раскрываючыся сама перад сабой, — гэта хвіліна адкрыцця, ісціны, якую іншыя, можа, адкрылі ўжо сто разоў, але ты пазнаеш яе для сябе ўпершыню, дык вось Юрка сказаў мне:
— Думаеш, я Саванарола або раўнівы ўладальнік скарбу, які не хоча, каб нехта бачыў ягоныя таямніцы? Можа быць, я не змагу табе растлумачыць усё поўнасцю, але зразумей, тваё дэкальтэ — гэта твая добраахвотная капітуляцыя. Перад чым? Перад тым, што табе самой не ўласціва. Ты з наіўнай бессаромнасцю, сама над тым не думаючы, падкрэсліваеш усё самае выгаднае ў сваёй фігуры: абцягваеш клубы, выстаўляеш калені. Не перабівай, дрэннае тут тое, што ты хочаш прывабліваць, але сапраўдная, духоўная, прывабнасць жанчыны табе пакуль што не даступна, хаця яна ёсць у табе — не ў прыгожую ж ляльку я закахаўся! Твая ўяўная свабода ад умоўнасці — гэта не свабода раскаванага, прыгожага і, гаворачы мовай царкоўніка, бязгрэшнага цела (якое дазваляе любавацца сваёй дасканаласцю, як часткай прыгожага), а рабства. У табе няма велічы элінак, якія прыходзілі на стадыёны непрыкрытымі, у цябе няма нават прастаты спартсменак трыццатых гадоў, якія горда ішлі па вуліцах у спартыўным маршы. Не перабівай, я ведаю, не ты ў гэтым павінна! Цяпер для вас, жанчыны, можна сказаць, залаты век. Хадзі ў чым хочаш і як хочаш. Але гэтую свабоду вы выкарыстоўваеце дзеля таго, каб стаць яшчэ горшымі рабынямі, чым некалі адаліскі. Паглядзі на вуліцу вечарам: там палкі, батальёны манекенаў. «Сасоны» на кожнай галаве! Аднолькавыя раскосыя вочы! А ты — адзіная! Зразумей нарэшце: ты — адзі-на-я! І прывабнасць твая ў тым, што іншай такой няма на зямлі: калі ў яе падобныя рысы твару, то няма тваёй усмешкі, калі ж і ўсмешка ў яе падобная да тваёй, то яна не будзе так разгублена азірацца на семінары, як азіраешся ты, не падрыхтаваўшыся да заняткаў…
— Ты ўжо жартуеш, так? Ты — жахлівы індывідуаліст, Юрка…
— Правільна, я індывідуаліст. Прычым сапраўды жахлівы. Я ненавіджу батальён экскурсантаў, які паслухмяна паварочвае галаву ад Веласкеса да Гойі і назад. Я ненавіджу на вакзале пустыя акенцы кас для калектыўных заявак і атупелыя шэрагі адзінак каля кас звычайных. Я не выношу прывітанняў, калі дзеці мілымі галасамі шчабечуць абяцанні добра вучыцца і быць прыстойнымі, абяцанні, напісаныя для іх дарослымі. Я не хачу, каб ты, ты была вытворчасцю «масавай культуры» — крышку Пушкіна, крышку Гогаля, ах, Маркес, ах, Пікасо, фі Дзюма! І не хачу, каб ты выраджалася ў эстэтку, якая нічога не разумее ў Джойсе, але міла шапоча пра яго на вечарынцы, выстаўляючы мэрылінманроўскі бюст! Мілая, прашу цябе, малю цябе, разумееш, малю: слухайся свайго сэрца, не забівай сама ў сабе чалавека! Ведаеш — найвялікшая каштоўнасць — гэта мы самі! Калі чалавек вырасціць у сабе сапраўднага дасканалага чалавека, калі ён нарэшце зразумее, што ўся праўда жыцця — у ім самім, ён створыць на зямлі сапраўдную чалавечую еднасць. Ты думала калі-небудзь, не так, не мімаходзь, а па-сапраўднаму, якая недарэчнасць у кожнай мяжы, якая аддзяляе, аддаляе людзей адно ад аднаго! Я люблю, калі чалавек працягвае другому руку, паказваючы, што ў ёй няма зброі, — мы забыліся на гэты жэст, мы ж можам працягваць руку і ворагу, прынамсі, працягваць руку ды не давяраючы. Знак даверу — зусім не давяраючы!
…Стэла, ты не задумалася, што ты — паланянка? Што ты жывеш не так, як патрэбна табе? Як ты можаш жыць?
Думаеш, мой капрыз, мая жорсткасць — паўтараць табе, што прафесія, якую ты выбрала, шыкоўная толькі для тваёй мамы і ўсіх тых, хто прымае чалавека па знешняй вартасці, што гэтая прафесія — не твая? Ты не любіш кіно, роздум над яго магчымасцямі напаўняе тваю галоўку адчаем прымусу — ты хочаш несці такі крыж усё жыццё? Ты можаш выхоўваць свой густ і выхаваць яго, але любоў да сваёй справы — гэтай справы — у цябе адсутнічае. Любоў розуму? Я не веру ў каханне толькі да «высокіх маральных якасцей», каханне або ёсць, або яго няма, і ніхто табе не растлумачыць, адкуль яно ўзялося і куды знікла.
…Упершыню Юрка гаварыў так доўга, а я… я слухала, але пад канец, непрыкметна для сябе, паддаючыся пяшчоце, пачала ціхенька цалаваць яго — спачатку ў скронь, пасля вусны мае натрапілі на калючую шчаку, і ён, нібы спатыкнуўшыся на паўслове, змоўк. У пакоі было светла ад маладзіка, неба ледзь пачало ружавець — пачыналася ранне, і калі я, нахіліўшыся, зірнула ў Юркаў твар — ён быў журботна-насмешлівы, ліловыя цені ночы густа ляжалі ў яго пад вачыма, і я, выгнуўшыся, саслізнула з канапы і пацягнула Юрку за руку:
— Ты, канешне, думаеш, што шпурляў бісер… Гэта не так, я ўсё запомніла! Ты маеш рацыю, давай пап’ём чаю, у мяне перасохла ў роце ад тваіх прамоў!
Ён неахвотна вылез з-пад коўдры, зрабіў крок. Узяў маю руку, якая ўчапілася ў яго, памацаў пазногці (я якраз толькі што зрабіла цудоўны манікюр) і нечакана сказаў — вельмі сур’ёзна, нібы гаварыў нешта зусім звычайнае:
— Стэла, абяцай мне… абяцай, што… ты не станеш драпежніцай.
— Кі-ім?! — я так здзівілася, што, выпусціўшы Юркаву руку, павярнулася і схапіла яго за плечы, углядаючыся ў твар. — Драпежніцай? Што гэта за прафесія такая, Юраська? Што ты зноў блазнуеш?