Ах, Юрка, Юрка Амельчанка, белазубы кучаравы блазень! Адзіная фотакартка, якая засталася ад цябе, — гэта настолькі не тое, што жыве ўва мне, што я ніколі не дастаю яе з-пад пажоўклай паперы на дне старога скуранога чамадана, з якім мы аб’ездзілі ў той год усю Сярэднюю Азію, і Салавецкія астравы, і Прыбалтыку… Я не хачу ўспамінаць пра цябе, Юрка, таму што пачынаюцца наноў бясконцыя трызненні тым годам, тым цяплом, якое, яднаючы дваіх, запамінаецца як шчодрае, гарачае і светлае сонца жыцця… трызненні тым духам, які перапаўняў нас, духам вышыні і поклічу — некуды ў невядомае, у неабсяжнае…
Я не люблю цябе ўспамінаць, таму што, не будзь таго года, мне, можа, жылося б намнога лягчэй. Я проста не ведала б, што можа быць такое паміж мужчынам і жанчынай, я думала б, што яны, мужчына і жанчына, проста павінны быць саюзнікамі супраць жыцця, каб не даць яму затаптаць цябе, што, нарэшце, дзеці — апраўданне будзённай аднастайнасці нашага існавання. Я, можа б, стала дастойным дзецішчам сваёй мамы — якая, дарэчы, так і лічыць па сённяшні дзень і самазадаволена хваліцца маім сямейным шчасцем перад сваімі старымі сяброўкамі. Сапраўды, чаму б ёй не хваліцца: у нас з Сяргеем за ўсе гэтыя дзесяць гадоў не было ніводнай сваркі — буйнай сваркі; дробязі, яны заўсёды бываюць, іх ніхто не абміне, яны не лічацца. Сяргей на студыі, бадай што, самы выпрасаваны, задаволены — нездарма ж я амаль заўсёды сяджу дома. Кіназнаўчыя мае артыкулы, як я даўно сама сабе прызналася, — гэта помесь дамскага шчэбету і кіназнаўчай тэрміналогіі, але мама пра гэта не ведае, яна збірае мае артыкулы і зачытваецца імі, нібы «Адкравеннямі Іаанна». Юрка, відаць, адзіны, хто першым сказаў мне пра гэта, сказаў так, як толькі ён мог сказаць — не пакрыўдзіўшы, а, наадварот, як бы робячы прыемны сюрпрыз:
— Сірэна, кідай ВГІК! Не абяздольвай жаночыя галоўкі — ты ж прыроджаная фея прычосак! Такі талент — і такая ракавая памылка!
Мы сядзелі тады ў вільнюскай «Нерынзе», і грошай у нас заставалася толькі на дзве порцыі салата і два кубачкі кавы, і Юрка, смеючыся, сціраў мезенцам маршчынку, што, відаць, увесь час збіралася ў мяне паміж брывамі, і гаварыў, што мая эфірная прычоска і маршчынка — рэчы несумяшчальныя. Быў дажджысты, няўтульны вечар ранняй вясны, голыя галіны каштана хісталіся пад ветрам, і па сцяне над Юркам слізгацелі цёмна-зялёныя і жоўтыя цені, а я думала пра тое, што сёння канчаецца мой «ліпавы» бюлетэнь і заўтра трэба быць на занятках (Юрку ў той час ізноў выгналі з інстытута, але ён не надта гараваў, бо не першы раз яго выганялі за ляноту і прымалі зноў, таму што «такія таленты, як Амельчанка, трэба беражна выхоўваць», гаварыў ягоны прафесар, вядомы ўсяму свету рэжысёр, пасля таго як чарговы раз выгнаў яго з майстэрні).
— Ну, усміхніся ж, мая галубка, мая Суламіта, не думай пра «презренный металл», сёння вечарам на тэлеграфе нам абавязкова адсыплюць звонкую манету, іначай я ўспару жывот, як самурай, Лешчанку! Я яго выручаў, калі ён у Прымор’і ледзь не ажаніўся на афіцыянтцы, якая з-за нейкіх ста рублёў уявіла, што трымае Ляшча на вудзільне! Ён не падвядзе, паглядзіш!
Тады мы першы раз апынуліся без грошай, я жахалася з Юркавага легкадумства і шкадавала, што ўцягнулася ў яго авантуры (мама прывучала мяне строга разлічваць кожны рубель, выціскаць з яго ўсе, што можна), і таму я капрызіла, хаця ўжо ведала: пацягні мяне зараз гэты авантурыст у пекла — пайду і, седзячы ў смаляным катле, буду шчаслівая, калі з суседняга варыва будзе выглядаць ягоная кучаравая галава! Хаця, я думаю, Юрка і там бы спакусіў якога-небудзь наглядчыка, так што ўрэшце яны рэзаліся б у карты, а я, «па блату», ціхутка вымятала б з памяшкання смецце або гатавала для іх вячэру. Я адкінула ягоную руку:
— Ты хочаш, каб я кінула інстытут? Мама мяне пракляне, і цябе ў першую чаргу. Мне засталося паўтара года, калі, канешне, ты мне не дапаможаш вылецець.
Я ведала, што, калі я пачну яшчэ і прапускаць заняткі, мне не дапамогуць ніякія заступнікі, хаця па ўсіх «нятворчых» прадметах у мяне былі пяцёркі. Праўда, апошнія мае артыкулы пахвальвалі на семінарах, але курс, відаць, падазраваў, што тут не абышлося без гэтага агульнага любімчыка, без будучага свяцілы кіно, які ў гэты момант, схіліўшыся нада мною, як квактуха над куранём, як ні ў чым не бывала разгладжваў мой лоб сваёй кашчавай рукой з чорнымі пазногцямі, стараючыся, каб сіні зашмальцаваны рукаў яго джынсавай курткі не засланяў вочы. На ўказальным пальцы яго была смешная янтарная жуковіна, такі псеўдазалаты пярсцёнак, які быў цесны нават для ягонага кашчэевага пальца, і зараз ён стараўся не закрануць мяне пальцам. Ад рукі моцна пахла табаком і крышку — канцылярскім клеем (мы прыйшлі з паштамта), і мне страшэнна хацелася дакрануцца да яе вуснамі, але я саромелася і, па-другое, не жадала паказаць Юрку, наколькі ён дарагі для мяне. (Навошта баялася? Ці не з-за такой недарэчнай боязі мы атрымліваем на гэтай зямлі не ўсё цяпло і дабрыню, якія нам наканаваны, ці не з-за яе пазбаўляем адно аднаго лепшага, што адпушчана ў жыцці чалавеку?) Прынамсі, я пазбавіла, таму што ён ніколі не баяўся паказацца смешным, не ўмеў разлічыць усё наперад, каб не прагадаць пасля. З самай першай нашай сустрэчы і да свайго апошняга імгнення ён быў самім сабой, такім, якім яму хацелася быць; рабіў тое, што казала яму сэрца… ці не таму жыццё адпусціла яму так мала часу, што такія каралеўскія падарункі нікому не даюцца дарма — а ў Юркі яшчэ быў і талент, вялікі, пагрозлівы талент неймавернага ўздзеяння на чалавечую душу, які даецца толькі мастацтву? Таму, відаць, любому мастаку, акцёру, пісьменніку зайздросцяць куды болей, чым палітыку або філосафу: палітыка і філасофія маюць уплыў на абмежаваную колькасць разумаў, магчымасці ж мастацтва неабмежаваныя. Дзе б я ні слухала Юрку — у рабочых, на студэнцкім вечары ці на вечарынцы — я адчувала — наноў, — як разам з прысутнымі мяне ўздымае агромністая хваля, і пачынае не хапаць паветра, і глыбіні чалавечага духу адкрываюцца перада мною так шырока і неабдымна, як адчыняліся яны перад самімі творцамі… Юрка любіў Шэкспіра і Пушкіна, Дантэ і Гётэ — я дзівілася падчас, адкуль у яго, учарашняга сельскага культработніка, такое — не, не скажу «захапленне», таму што то было не захапленне, нават не любоў — зноў — банальныя, бяссільныя словы! — не, то было пакутлівае зліццё, падобнае неразрыўнай сувязі геніяльнай музыкі і арганіста са сваім інструментам. Юрка і быў такім інструментам, такім арганістам, арганам, я б сказала, калі б не баялася ўпасці ў красамоўства, сусветнай гармоніі прыроды. Я не надта разбіраюся ў мастацтве, хаця, як-ніяк, пяць гадоў была неяк саўдзельная з ім, і таму думаю, што талент — гэта нібы нейкае акенца, праз якое прырода дыктуе нам свае таямніцы і адкрыцці. Прырода… або нейкая іншая, магутная, пакуль што не вядомая нам, сіла. Ну, няўжо не яна вадзіла рукой семнаццацігадовай Надзі Рушавай, калі дзяўчынка рабіла ілюстрацыі да «Майстра і Маргарыты» Булгакава, ілюстрацыі, ад якіх мароз прабягае па скуры і патрэскваюць валасы? Або, калі ўсё вырашае толькі праца, адкуль у другой Надзі, балерыны Паўлавай, у шаснаццаць гэтая неверагодная пластыка цела? Не, не! Смейцеся нада мною, але гэта яна, прырода, дражніць нас, смяротных людзей, бессмяротнай дасканаласцю сваіх тварэнняў…